СУЛЬФІ́ДЫ АРГАНІ́ЧНЫЯ, тыяэфіры,

злучэнні агульнай ф-лы RSR′ (R i R′ — арган. радыкалы), сераарганічныя злучэнні — аналагі простых эфіраў. Да С.а. адносяць таксама цыклічныя злучэнні . Пашыраны ў прыродзе: у нафце большая частка серы знаходзіцца ў выглядзе С.а.; некаторыя прыродныя С.а. (напр., біяцін, метыянін) — біялагічна актыўныя рэчывы. Вядомы таксама ды-, тры- і полісульфіды R—Sn—R′, дзе n — колькасць атамаў серы (гл. Полісульфідныя каўчукі).

Ніжэйшыя аліфатычныя С.а. — бясколерныя вадкасці (тэхн. маюць непрыемны пах). Добра раствараюцца ў вадзе і арган. растваральніках. Больш слабыя асновы, чым простыя эфіры; пры ўзаемадзеянні з дыалкілсульфатамі (гл. Сульфаты), алкілсульфанатамі (эфірамі сульфакіслот), а таксама са спіртамі ў прысутнасці моцных кіслот утвараюць солі сульфонію (гл. Оніевыя злучэнні). Акісляюцца, напр., пераксідам вадароду да сульфаксідаў (злучэнні агульнай ф-лы RR′SO), канцэнтраванай азотнай к-ты — да сульфонаў (RR′SO2). Выкарыстоўваюць як адаранты гаручых газаў, антыаксіданты, стабілізатары паліва, змазачных масел і палімераў; дыметылсульфід (CH3)2S для атрымання дыметылсульфаксіду, дывінілсульфід (CH2=CH)2S як манамер у вытв-сці іонаабменных смол і адсарбентаў. Галагеналкілсульфіды (напр., іпрыт) атрутныя.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 15, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)